Кніга Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі

24.02.2019
Вокдадка Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі

Кніга Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі ёсць зборнікам артыкулаў мовазнаўцы Алёхны Дайліды, у якіх аўтар праз разгледжанне канкрэтных пытанняў рэканструюе палітычную і рэлігійную гісторыю Вялікага княства Літоўскага 13–14 стагоддзяў.

На грунце чысленых гістарычных матэрыялаў паказана, што літоўская шляхта з этнічнага паходжання была не балцкаю, а ўсходнегерманскаю. Гэты германскі элемент злучыўся з славянамі Панямоння, утварыўшы канфесійную супольнасць ― "літвінаў" богумільскага характару, якая існавала да Крэўскай уніі 1385 году. Гэтыя працэсы спрычынілі само стварэнне Вялікага княства Літоўскага на землях сучаснае Беларусі і далейшае існаванне народу літвінаў у якасці славянамоўнага хрысціянскага народу.

Князь выправуе пасольства (мініятура з Радзівілаўскага летапісу, 15 ст.)

У гэтым зборніку, які складаецца з сямі артыкулаў і многіх дадаткаў, у якіх агулам больш за паўтары тысячы спасылак і цытат з гістарычных крыніц, на шырокім гістарычным матэрыяле выяўлена палітычнае і рэлігійнае жыццё народу літвінаў у 13–14 стагоддзях. Паказана, што літоўская шляхта з этнічнага паходжання была ўсходнегерманскаю і да балтаў не мела ніякага дачынення; гэты германскі элемент злучыўся з славянскім жыхарствам Панямоння, утварыўшы канфесійную супольнасць “літвінаў”, і паступова цалкам славянізаваўся.

На матэрыяле гістарычных крыніц аб рэлігійным жыцці Вялікага княства Літоўскага насветлены дачыненні супольнасцей “літвінаў” і “русінаў” у Вялікім княстве: паказана, што ў 13–14 ст. гэта былі азначэнні не розных этнасаў (як у сучаснай гістарыяграфіі) – а розных канфесійных супольнасцей. Калі да Крэўскай уніі існавала розніца між літвінамі і русінамі ў рэлігійным, канфесійным плане – то па Крэўскай уніі назоў “літвіны” зрабіўся нацыянальным назовам усяго жыхарства (як каталіцкага, так і праваслаўнага) уласна Вялікага княства Літоўскага, а назоў “русіны” працягваў быць перадусім праваслаўным канфесіёнімам.

Тытульны ліст кнігі Літоўскае метрыкі, 1506 г.

 

Шырокі і разнастайны матэрыял зборніку, спадзяемся, будзе здольны паказаць гісторыю Вялікага княства Літоўскага 13–14 стагоддзяў у сапраўднай гістарычнай перспектыве і пакласці канец знітаваным з ранняю гісторыяй ВКЛ спекуляцыям і містыфікацыям, якія заўсёды заснаваны на ігнараванні гістарычных крыніц.

Змешчаныя ў дадзеным зборніку артыкулы, якія складзены пераважна з цытат з гістарычных крыніц і спасылак на іх, а таксама чысленыя дадаткі мусяць вывесці чытача на ровень добрага ведання гістарычных крыніц і матэрыялаў па айчыннай гісторыі 13 – пачатку 15 стагоддзя, многія з якіх дагэтуль або малавядомы, або чыста ігнаруюцца. Адраджэнне сапраўднае гісторыі Вялікага княства Літоўскага дазволіць нам выйсці з-за кратаў савецкае антыхрысціянскае міфалогіі і вярнуць нацыянальную гістарычную спадчыну нашага народу, якая лучыць нашу цяпершчыну з Сярэднявеччам, з традыцыйнаю хрысціянскаю цывілізацыяй.

У другой частцы кнігі змешчаны некаторыя помнікі сярэднявечнае літоўскае (беларускае) евангеліцкае літаратуры.

У дадатках змешчаны дакументы і летапісныя ўрыўкі па гісторыі Вялікага княства Літоўскага 13–15 стагоддзяў.