Беларускі арнамент гэта вельмі прыгожы ўзор, і кожнаму беларусу ён генетычна блізкі як матчына малако і бабуліны дранікі.
Прачытаўшы гэты ўрок, вы навучыцеся хутка намаляваць беларускі арнамент у праграме Adobe Illustrator. Здавалася б, гэта мае быць вельмі проста — адны квадрацікі, але каб намаляваць арнамент хутка нам будзе патрэбна ўспомніць школьны курс геаметрыі. Таксама мяркую, што базавыя веды Illustrator вы ўжо маеце.
Пачнем.
Стварыце новы дакумент
Лепш выбраць з шаблона Web, але калі вы плануеце гэты арнамент друкаваць, то выбірайце профіль Print.
Выстаўце налады для зручнасці працы
У меню View пазначце пункты Pixel Preview, Show Grid, з пункту Snap to Pixel гачык прыбярыце.
Зайдзіце ў Edit / Preferences / Guides & Grid, там выстаўце такія значэнні:
Gridline every 4px, Subdivisions 1. Там жа ў наладах у раздзеле General можаце паставіць для зручнасці Keyboard increment: 4, так нашы квадраты будуць рухацца адразу на 4 пікселі, націскаючы стрэлкі на клавіятуры.
Устаўце фатаграфію беларускага арнамента
Вам спатрэбіцца ўзор арнамента, які вы будзеце вектарызаваць, можаце яго без праблем знайсці ў сеціве. Я буду выкарыстоўваць вось такую карцінку:
Намалюйце квадрат
Намалюйце квадрат 4х4 px, запоўніце колерам #e12429. Калі робіце ўзор для вышывання, можаце таксама дадаць контур у 0.01px, так будзе прасцей лічыць квадрацікі. Гэта можна зрабіць у панэлі Выгляд (Appearance).
Па дыяганалі ад яго намалюйце шчэ адзін такі квадрат. Гэта можна зрабіць перацягваючы стары квадрат з націснутай клавішай Alt.
Зрабіце так, каб квадраты паўтараліся паміж канцавымі пунктамі
Чорнай стрэлкай (V) вылучыце абодва квадраты (Shift+Click), пасля зайдзіце ў меню Object / Blend / Make і вы ўбачыце, як два квадраты пераходзяць адзін у аднаго. Але нам патрэбна для гэтага пераходу выставіць свае значэнні. Не прыбіраючы вылучэння з квадратаў, зайдзіце ў Object / Blend / Blend Options і выстаўце наступныя параметры: Spacing: Specified distance 5.66.
5.66px — гэта дыяганаль квадрата 4х4 px, бо нам трэба, каб квадраты паўтараліся не кожны піксель, а праз адлегласць, роўную яго дыяганалі. З курса геаметрыі ўспомнім, што квадрат гіпатэнузы роўны суме квадратаў катэтаў, г.зн. √4²+4² = 5.66. Адпаведна, калі вы вырашылі маляваць квадраты не 4х4px, а 1х1, то ў поле Spacing вы мусіце ўпісваць √1²+1² = 1.41.
Зрабіце копіі пераходаў паміж квадратамі
Самы галоўны сакрэт малявання беларускага арнамента ў вектары мы з вамі ўжо даведаліся, таму далей нам застаецца проста паўтарыць узор ручніка, сукенкі ці што ў вас там за карцінка :) Гэта ўжо нашмат хутчэй, чым расстаўляць усе квадрацікі рукамі, але мы можам паскорыць працэс яшчэ больш.
Адлюструйце частку арнамента
Для гэтага арнамента адлюстроўваць няма патрэбы, але калі ў вас узор складаны, то можна намаляваць толькі чвэрць арнамента і адлюстраваць яе гарызантальна і вертыкальна.
Вылучыце частку арнамента, якую трэба адлюстраваць, сгрупуйце яе (Ctrl+ G), потым у меню Effect / Distort & Transform / Transform выстаўце Reflect Y, Copies: 1.
Затым зайдзіце ў гэты самы пункт меню шчэ раз, каб адлюстраваць арнамент гарызантальна. Ілюстратар папярэдзіць, што гэты эфект ужо выкарыстоўваецца, і калі вы працягнеце, то эфект будзе ўжыты шчэ адзін раз. Гэта якраз тое, што нам трэба, таму ціснем Apply new effect і ў дыялогу пішам Copies 1, Reflect: X. Так выглядае ўжо нашмат лепш!
Зрабіце ўзор, які паўтараецца (pattern)
Засталося зрабіць так, каб наш арнамент паўтараўся бясконца. Для гэтых мэтаў у Illustrator ёсць узоры або пэтэрны (pattern).
Каб зрабіць узор у паласе, ці каб ён паўтараўся адначасова гарызантальна і вертыкальна, вылучыце ваш намаляваны арнамент і ў панэлі Pattern options у выпадным меню ў правым верхнім куце націсніце кнопку Make pattern. Там вы зможаце паправіць узор і ўбачыце перадпрагляд паўтарэння ўзора. Гэта сапраўдна для Illustrator CC і больш новых версій.
У Illustrator версіі 16 і ніжэй для таго, каб зрабіць узор (pattern), вам неабходна пад арнамент падкласці прамавугольнік без контура і запаўнення, вылучыць іх разам і перацягнуць на панэль Swatches.
Пасля стварэння пэтэрна яго можна задаваць як запаўненне для любога аб’екта. Каб паглядзець як узор паўтараецца, намалюйце прамавугольнік і ў панэлі Swatches запаўненнем для яго выберыце наш новы ўзор.
Illustrator дае магчымасць маштабаваць і перамяшчаць запаўненне аб’ектаў і самі аб’екты незалежна адно ад аднаго. Гэта бывае карысна каб падагнаць памер арнамента ці яго пазіцыю пад аб’ект. Для гэтага ў панэлі Transform у выкідным меню ў правым верхнім куце ёсць пункты Transform Object Only (трансфармаваць толькі аб’ект), Transform Pattern Only (трансфармаваць толькі ўзор) або Transform Both (трансфармаваць абодва). З назваў можна зразумець якія функцыі яны выконваюць.
Вынік
Такім чынам, мы намалявалі беларускі арнамент у Adobe Illustrator даволі хутка і даведаліся некалькі хітрыкаў, якія дазваляюць захаваць час і будуць карыснымі пры маляванні іншых узораў.
Выніковы арнамент у pdf можна спампаваць ніжэй. PDF файл утрымлівае .AI (Illuatrator editing capabilities), таму яго можна правіць у Illustrator.
Калі ва ўроку вам нешта было незразумела — не саромцеся задаваць пытанні праз форму каментароў.
Таксама пахваліцеся перад іншымі што ў вас атрымалася намаляваць, дадавайце ў каментары вашы арнаменты, краіна мусіць ведаць сваіх герояў :)