Прапануем вам спампаваць і паслухаць музыку з дэбютнага альбома беларускага хардкор-гурта Askiepak «Mabyć».
Askiepak — музычны гурт, удзельнікі якога сабраліся разам з усёй Беларусі, каб паспрабаваць граць меладычны хардкор па-беларуску. Гурт прэзентаваў свой першы эксперыментальны міні-альбом «Mabyć» у сакавіку 2014.
— Мы хацелі паспрабаваць зрабіць меладычны хардкор па-беларуску. Што атрымалася — самі бачыце-чуеце, — смяюцца музыкі. — Можна напісаць цэлую аповесць аб тым, як мы запісвалі гэты міні-альбом. Пачалі запіс у Салігорску, працягнулі ў Слуцку, пасля спрабавалі дазапісаць у Мінску, а потым зноўку ў Слуцку. Калі з’явіліся праблемы з запісанымі дарожкамі, мы зноў паехалі ў Салігорск. Усё гэта адбывалася цягам году.
«Mabyć» складаецца з пяці трэкаў, адзін з якіх, «Budź śmiełym!», гурт Askiepak выпусціў у якасці сінглу напярэдадні прэзентацыі альбому.
— Песня «Budź śmiełym!» — гэта спроба пакласці твор-заклік нашага выбітнага земляка Янкі Купалы на тую музыку, якую мы любім, праз 100 год пасля напісання верша, — распавядаюць музыкі. — Астатнія тэксты мы напісалі самі. Яны абсалютна празрыстыя і прысвечаныя сяброўству, павазе, любові, шчырасці і годнасці.
Задума сабраць гурт, які будзе граць беларускамоўны меладычны хардкор, з’явілася ў яго будучых удзельнікаў год таму. Вынікам працы стаў дэбютны EP. Ніжэй вы можаце паслухаць беларускую музыку і спампаваць увесь mp3 альбом адным ZIP-файлам.